Адмена прыгоннага права

Дзве галоўныя прычыны абумовілі адмену прыгоннага права ў Расіі: існаванне прыгонніцтва стрымлівала эканамічнае развіццё дзяржавы; узрастанне антыпрыгонніцкага руху, перш за ўсё сярод сялянства, пагражала моцным сацыяльным выбухам. Нельга сказаць, што прыгонніцкая сістэма гаспадаркі зусім спыніла эканамічнае развіцце краіны. Яно працягвалася, і даволі хутка. Так, на тэрыторыі Беларусі з 1828

па 1860 г. колькасць прадпрыемстваў (без вінакурных) павялічылася з 449 да 942, колькасць рабочых - з 4674 да 9269. Калі ў 1845 г. было 9 прадпрыемстваў, дзе прымяняліся машыны, то ў 1860 г. - ужо 30. Узрастала інтэнсіфікацыя працы, кваліфікацыя працоўных, фарміравалася мясцовая буржуазія, расло гарадское насельніцтва (з 1825 па 1861 г. яно павялічылася з 261,4 тыс. да 330 тыс. чалавек).

Памешчыцкая гаспадарка таксама паступова развівалася. Беларускія памешчыкі, прыстасоўваючыся да запатрабаванняў рынку, пераводзілі сваю гаспадарку на вытворчасць тых тавараў, якія карысталіся найболыпым попытам. Галоўнай рыначнай культурай напярэдадні рэформы было жыта, а найболып выгаднай формай рэалізацыі таварнага жыта - вінакурэнне. Да прыбытковых таварных сельскагаспадарчых культур адносіліся таксама лён і бульба. Лён прызначаўся галоўным чынам на экспарт, а бульба ў асноўным ужывалася ў мясцовай вінакурнай вытворчасці. Таварнае значэнне набывала жывёлагадоўля, асабліва авечкагадоўля. Многія памешчыкі будавалі ў сваіх маёнтках вінакурныя, цукраварныя, лесапільныя і іншыя прадпрыемствы. Працавалі на іх прыгонныя сяляне.

У цэлым эканоміка развівалася невысокімі тэмпамі, пераважна экстэнсіўным шляхам. Экстэнсіўны шлях развіцця, па-першае, меў пэўныя межы, па-другое, ужо не адпавядаў запатрабаванням часу. Яскравым сведчаннем крызісу прыгонніцкай сістэмы стала Крымская вайна. Расія не здолела супрацьстаяць высокаразвітым капіталістычным краінам Заходняй Еўропы і пацярпела паражэнне. Стала відавочна, што прыгонніцкая сістэма гаспадаркі значна прайграе капіталістычнай з яе таварна-грашовымі адносінамі, рынкам працы і жорсткай канкурэнцыяй, якія выклікаюць зацікаўленасць выканаўцаў у выніках сваёй працы, падштурхоўваюць тэхнічнае развіццё, вядуць да інтэнсіфікацыі вытворчасці і гэтым паскараюць агульны прагрэс грамадства.

На працягу ўсёй першай паловы XIX ст. пытанне аб адмене прыгоннага права займала цэнтральнае месца ў ідэалагічных спрэчках. У канцы 50-х гадоў яно набыло найвышэйшую вастрыню. Ва ўрадавых колах у рэшце рэшт зразумелі, што пара адмены прыгоннага права наспела і гэта лепш зрабіць "зверху", інакш можна дачакацца яго адмены "знізу". Падрыхтоўка сялянскай рэформы пачалася ў сакрэце ад шырокіх колаў грамадскасці. У студзені 1857 г. быў створаны Сакрэтны камітэт "для абмеркавання мер па ўладкаванні быту памешчыцкіх сялян". Сярод членаў камітэта разгарнуліся спрэчкі наконт умоў адмены прыгоннага права. Адны прапаноўвалі "остзейскі" варыянт, г.зн. вызваленне сялян без зямлі, іншія жадалі, каб цар узяў ініцыятыву на сябе і дараваў вольнасць сялянам ад свайго імя, некаторыя лічылі, што ўмовы вызвалення сялян павінны выпрацаваць памешчыкі. Да канца ліпеня 1857 г. быў складзены кампрамісны варыянт - вызваліць сялян з сядзібай, які і атрымаў перавагу. Зямля павінна выкупляцца на працягу 10 - 15 гадоў па цане, якая ўключала б у сябе і кампенсацыю страты памешчыкам яго ўлады над асобай селяніна; польны надзел мог быць зменшаны і аддадзены селяніну ў карыстанне за асобную плату грашыма ці працай; у аддаленан будучыні мог адбыцца выкуп гэтай зямлі па добраахвотнай дамоўленасці памешчыка з селянінам. Рэформу было вырашана пачынаць з заходніх губерняў.

Перш за ўсё мясцовыя памешчыкі значна болып, чым памешчыкі ў іншых раёнах Расіі, былі ўцягнуты ў таварна-грашовыя адносіны. Гэта абумоўлівалася блізкасцю да заходнееўрапейскага рынку. Адчуваючы хібы прыгоннай працы, некаторыя ўладальнікі памесцяў ужо ў першай чвэрці XIX ст. выступалі з праектамі беззямельнага вызвалення сялян. Праўда, тады большасць памешчыкаў гэтыя праекты не падтрымала, яны былі адхілены і ўрадам. Апошні таксама разумеў, што ўвядзенне ў 40-х гадах абавязковых інвентароў памешчыцкіх гаспадарак у заходніх губернях прывяло памешчыкаў Беларусі да хуткан і непазбежнай страты імі сваёй улады над сялянамі і, разлічваючы на болып выгадныя для сябе ўмовы адмены прыгонніцтва, яны першымі адгукнуцца на сакрэтную прапанову ўрада. Да гэтага трэба дадаць 1 тое, што для самадзяржаўя апазіцыйна настроенае польскае дваранства ўяўляла пагрозу палітычнай небяспекі — неабходна было як мага хутчэй пазбавіць яго магчымасці выкарыстаць сялянскія хваляванні ў сваіх нацыянальных інтарэсах.

Але для ўрада было вельмі важна, каб ініцыятыва адмены прыгоннага права зыходзіла ад памешчыкаў, якія заставаліся галоўнай сацыяльнай апорай улады. Узяць на сябе афіцыйную ініцыятыву ў такой складанай справе, а значыць, і несці поўную адказнасць за яе выкананне Аляксандр II не адважваўся. Паколькі памешчыкі так-сама асабліва не спяшаліся з прапановамі аб скасаванні прыгонніцтва, памешчыцкую "ініцыятыву" трэба было арганізаваць. Зрабіць гэта аказалася не вельмі цяжка. Справа ў тым, што генерал-губернатар Віленскай, Ковенскай і Гродзенскан губерняў В.І.Назімаў і імператар Аляксандр II былі сябрамі дзяцінства. Яшчэ ў маі 1856 г. на іх сустрэчы ў Брэсце В.І.Назімаў запэўніў імператара, што дваране яго генерал-губернатарства, бачачы вынікі вызвалення сялян у суседніх прыбалтыйскіх губернях, дзе сяляне атрымалі асабістую свабоду яшчэ ў пачатку XIX ст., пагадзіліся б на падобную рэформу. Летам 1857 г. Аляксандр II ізноў сустрэўся з В.І.Назімавым, цяпер ужо ў Вільні, і генерал-губернатар пацвердзіў, што памешчыкі паўночна-заходніх губерняў гатовы выступіць з ініцыятывай адмовы ад прыгоннага права. Імператар, безумоўна, адобрыў гэту "ініцыятыву".

Пад націскам В.І. Назімава інвентарныя камітэты Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губерняў прынялі рашэнне не займацца пытаннямі рэгулявання адносін паміж памешчыкамі і сялянамі, для чаго яны і былі калісьці створаны, а пагадзіліся бязвыплатна вызваліць сялян, пакінуўшы памешчыкам усю зямлю і сялянскую нерухомасць. Гэта рашэнне В.І.Назімаў у верасні 1857 г. накіраваў міністру ўнутраных спраў. У кастрычніку ён асабіста прыехаў у Пецярбург і папрасіў даць яму далейшыя інструкцыі. Імператар загадаў паскорыць вырашэнне гэтага пытання. Хутка такая інструкцыя для Назімава была распрацавана, і 20 лістапада 1857 г. Аляксандр II падпісаў і накіраваў рэскрыпт (прадпісанне) генерал-губернатару Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай губерняў В.І.Назімаву аб заснаванні з прадстаўнікоў мясцовых памешчыкаў трох губернскіх камітэтаў і адной агульнай камісіі ў Вільні для падрыхтоўкі мясцовых праектаў паляпшэння быту памешчыцкіх сялян. Крыху пазней падобныя камітэты былі створаны і ў іншых губернях Расіі.

Змест рэскрыпта сведчыў аб тым, што ініцыятыва памешчыкаў аб вызваленні сялян па "остзейскаму" ўзору была памайстэрску выкарыстана вярхоўнай уладай для прапановы, нечаканай для памешчыкаў. Праграма ўрада, якую трэба было абмеркаваць у створаных камітэтах, давала прыгонным сялянам грамадзянскія правы, але захоўвала вотчынную ўладу памешчыка. За памешчыкам заставалася права ўласнасці на ўсю зямлю. Сялянам пакідалі сядзібныя надзелы, якія яны на прадягу пэўнага часу павінны былі выкупіць. Звыш гэтага прадугледжвалася даць сялянам у карыстанне пэўную колькасць зямлі "для забеспячэння іх быту і для выканання іх абавязкаў перад урадам і памешчыкам", за якую сялян абавязвалі плаціць аброк альбо працаваць на памешчыка. Памешчык атрымліваў таксама права паліцэйскага нагляду за сялянамі. Пры гэтым будучыя адносіны сялян і памешчыкаў з'яўляліся б гарантыяй своечасовай платы першымі дзяржаўных і земскіх падаткаў. У рэскрыпце нічога не было сказана аб адмене прыгоннага права, але 21 лістапада 1857 г. у "Дадатковай адносіне" ўжо недвухсэнсоўна паяснялася, што галоўным у "паляпшэнні быту памешчыцкіх сялян" з'яўляецца адмена прыгоннага права.

Страница:  1  2  3 


Другие рефераты на тему «История и исторические личности»:

Поиск рефератов

Последние рефераты раздела

Copyright © 2010-2024 - www.refsru.com - рефераты, курсовые и дипломные работы